2 ЛЕТАПІСАЎ 13
1У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама заваладарыў Абія над Юдаю.
2Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай — Міхая, дачка Урыэля з Гівы. І была вайна паміж Абіям і Ерабаамам.
3І скіраваў Абія на вайну войска, ваяроў спраўных чатырыста тысячаў выбранцоў; а Ерабаам выйшаў супраць яго на вайну з васьмістамі тысячамі выбранцоў, ваяроў мужных.
4І стаў Абія на вяршыні гары Цэмараім, якая ў гарах Эфраіма, і сказаў: «Паслухайце мяне, Ерабаам і ўвесь Ізраіль!
5Ці ж вы ня ведаеце, што ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў валадарства Давіду над Ізраілем на вякі, яму і сынам ягоным, як запавет солі?
6І паўстаў Ерабаам, сын Навата, слуга Салямона, сына Давіда, і збунтаваўся супраць гаспадара свайго.
7І сабраліся да яго людзі пустыя, сыны Бэліяла, і ўмацаваліся супраць Рэхабаама, сына Салямона. А Рэхабаам быў малады і слабы сэрцам, і ня вытрымаў перад абліччам іхнім.
8І цяпер вы кажаце, што вытрымаеце перад абліччам валадарства ГОСПАДА, [якое] ў руцэ сыноў Давіда, і вас вялікае мноства, і з вамі быкі залатыя, якіх Ерабаам зрабіў для вас як багоў.
9Ці ж ня вы выгналі сьвятароў ГОСПАДА, сыноў Аарона, і лявітаў, і нарабілі для сябе сьвятароў, як [робяць] народы земляў [гэтых]? Кожны, хто прыходзіць, каб напоўніць руку сваю, з цялём, маладым бычком і з сямёма баранамі, становіцца сьвятаром для таго, хто ня ёсьць Богам.
10А мы [маем] ГОСПАДА, Бога нашага, і мы не пакінулі Яго, і сьвятары, якія служаць ГОСПАДУ — сыны Аарона, і лявіты пры працы сваёй.
11І яны складаюць ГОСПАДУ цэласпаленьні кожную раніцу, і кожны вечар — пахкае кадзіла, і хлябы пакладныя — на стале чыстым, і сьвечнік залаты і лямпы ягоныя запальваюць кожны вечар, бо мы захоўваем загады ГОСПАДА, Бога нашага, а вы пакінулі Яго.
12І вось, з намі на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучныя, каб трубіць супраць вас. Сыны Ізраіля, не ваюйце з ГОСПАДАМ, Богам бацькоў вашых, бо не пераможаце».
13І Ерабаам выправіў засаду, каб зайшла ззаду іх, і быў ён перад абліччам Юды, а засада — ззаду іх.
14І павярнуўся Юда, і вось, у іх бітва сьпераду і ззаду. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сьвятары затрубілі ў трубы.
15І закрычалі людзі Юды. І сталася, калі закрычалі людзі Юды, Бог ударыў Ерабаама і ўсяго Ізраіля перад абліччам Абіі і Юды.
16І ўцяклі сыны Ізраіля перад абліччам Юды, і аддаў іх Бог у руку іхнюю.
17І ўдарылі іх Абія і народ ягоны паразаю вялікаю, і ўпала забітых у Ізраілі пяцьсот тысячаў мужоў выбраных.
18І былі ўпакораныя сыны Ізраіля ў той час, і былі ўмацаваныя сыны Юды, бо яны абапіраліся на ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
19І гнаўся Абія за Ерабаамам, і здабыў у яго гарады: Бэтэль і вёскі ягоныя, і Ешану і вёскі ейныя, і Эфрон і вёскі ягоныя.
20І не аднавіў ужо сілу Ерабаам у дні Абіі. І ўдарыў яго ГОСПАД, і ён памёр.
21І ўмацаваўся Абія, і ўзяў чатырнаццаць жонак, і нарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дачок.
22А рэшта дзеяньняў Абіі, і шляхі ягоныя, і словы ягоныя запісаныя ў гісторыі прарока Іддо.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath