Хрысціянства
назад

2 ЛЕТАПІСАЎ 11

1І прыйшоў Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў з дому Юды і Бэн’яміна сто восемдзясят тысячаў выбраных ваяроў, каб ваяваць з Ізраілем і вярнуць валадарства Рэхабааму.

2І было слова ГОСПАДА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:

3«Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму Ізраілю ў Юдзе і Бэн’яміне, кажучы:

4“Гэтак кажа ГОСПАД. Не выходзьце і не ваюйце з братамі сваімі. Вярніцеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне сталася рэч гэтая”». І яны паслухалі словаў ГОСПАДА, і вярнуліся з паходу на Ерабаама.

5І жыў Рэхабаам у Ерусаліме, і пабудаваў цьвярдыні ў гарадах Юды.

6І ён пабудаваў [іх] у Бэтлееме, Этаме, Тэкоа,

7Бэтцуры, Сахо, Адуляме,

8Гаце, Марэшы, Зіфе,

9Адараіме, Ляхішы, Азэцы,

10Цоры, Аялоне і Хеўроне, якія былі ў Юдзе і Бэн’яміне гарадамі ўмацаванымі.

11І ўмацаваў ён гэтыя крэпасьці, і даў ім начальнікаў, і склады харчоў, алею і віна,

12і ў-ва ўсіх гарадах злажыў шчыты і дзіды, і вельмі моцна іх умацаваў. І былі ў яго Юда і Бэн’ямін.

13І сьвятары і лявіты, якія [былі] ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля, зьбіраліся да яго з усіх межаў сваіх;

14бо пакінулі Лявіты пашы свае і ўласнасьць сваю, і прыйшлі ў Юду і ў Ерусалім, бо Ерабаам і сыны ягоныя адсунулі іх ад сьвятарства ГОСПАДАВАГА,

15і прызначылі ў сябе сьвятароў для ўзгоркаў і для казлоў, і для быкоў, якіх ён зрабіў.

16А за імі з усіх каленаў Ізраіля тыя, што аддалі сэрцы свае, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, прыходзілі ў Ерусалім, каб складаць ахвяры ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх.

17І ўмацавалі яны валадарства Юды, і зрабілі за тры гады мацнейшым Рэхабаама, сына Салямона, бо хадзілі шляхам Давіда і Салямона гэтыя тры гады.

18І ўзяў сабе Рэхабаам за жонку Махалят, дачку Ерымота, сына Давіда, і Абігайль, дачку Эліява, сына Есэя.

19І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша, Шэмарыю і Загама.

20А пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Абсалома, і яна нарадзіла яму Абію, Аттая, Зізу і Шэляміта.

21І любіў Рэхабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніцаў сваіх, бо ён узяў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніцаў, і нарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дачок.

22І паставіў Рэхабаам Абію, сына Маахі, за начальніка над братамі ягонымі, каб паставіць яго за валадара.

23І ён дзейнічаў разумна, і разьмясьціў усіх сыноў па ўсіх землях Юды і Бэн’яміна, у-ва ўсіх гарадах умацаваных, і даў ім шмат харчоў, і пазнаходзіў [ім] шмат жонак.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath