Хрысціянства
назад

1 ТЭСАЛОНЦАЎ 5

1Адносна часоў і пораў, браты, няма патрэбы пісаць да вас,

2бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпадаў гэтак прыйдзе, як злодзей уначы.

3Калі вось будуць гаварыць: «Супакой і бясьпека», тады неспадзявана прыйдзе на іх зьнішчэньне, быццам мукі радзін на цяжарную, і яны не ўцякуць.

4Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень гэты захапіў вас, як злодзей:

5усе вы — сыны сьвятла і сыны дня, мы не належым ані ночы, ані цемры.

6Дык ня будзем спаць, як іншыя, але чувайма і будзьма пільнымі,

7бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы ўпіваюцца.

8Мы ж, якія належым дню, будзьма пільнымі, апрануўшы панцыр веры і любові і шалом надзеі збаўленьня,

9бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі.

11Дзеля гэтага пацяшайце сябе ўзаемна і збудоўвайце адзін аднаго, як вы і робіце.

12Просім жа вас, браты, ведайце тых, якія працуюць у вас, і кіруюць вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас,

13і шануйце іх вельмі высока ў любові дзеля працы іхняй; жывіце ў згодзе між сабою.

14Молім вас таксама, браты, настаўляйце свавольных, пацяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.

15Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін для аднаго, і для ўсіх.

16Заўсёды радуйцеся.

17Несупынна маліцеся.

18За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе.

19Духа не гасіце.

20Прароцтвамі не пагарджайце.

21Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.

22Высьцерагайцеся ад усякага роду зла.

23Сам жа Бог супакою няхай асьвяціць вас у-ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

24Верны Той, Які вас паклікаў; Ён і зробіць [гэта].

25Браты! Маліцеся за нас!

26Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.

27Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братам.

28Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath