1 САМУЭЛЯ 5
1А Філістынцы ўзялі Каўчэг Божы і занесьлі яго з Эбэн-Гаэзэру ў Ашдод.
2І ўзялі Філістынцы Каўчэг Божы, і занесьлі яго ў сьвятыню Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
3Калі на другі дзень Ашдодцы ўсталі рана, вось, Дагон ляжаў абліччам на зямлі перад Каўчэгам Божым. І паднялі яны Дагона, і паставілі на месца ягонае.
4На другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі, што Дагон зноў ляжыць абліччам сваім на зямлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, а галава Дагона і дзьве далоні рук ягоных адсечаныя ляжаць на парозе, і толькі тулава Дагона засталося пры ім.
5Таму сьвятары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у дом Дагона, не ступаюць на парог Дагона ў Ашдодзе па сёньняшні дзень.
6І рука ГОСПАДА зацяжэла над жыхарамі Ашдоду, і напалохала іх, і пакараў Ён балячкамі як Ашдод, так і ваколіцы ягоныя.
7І людзі Ашдоду ўбачылі гэта, і сказалі: «Няхай не застаецца Каўчэг Божы ў нас, бо зацяжэла рука Ягоная на нас і на Дагоне, богу нашым».
8І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з Каўчэгам Бога Ізраіля?” Яны сказалі: “Трэба Каўчэг Божы перанесьці ў Гат». І перанесьлі [туды] Каўчэг Бога Ізраіля.
9І калі перанесьлі яго, зацяжэла рука ГОСПАДА над горадам, і страх вельмі вялікі, і ўдарыў [Бог] жыхароў гораду ад малога да вялікага, і зьявіліся на іх болькі.
10І адаслалі яны Каўчэг Божы ў Экрон. Калі прыйшоў Каўчэг Божы ў Экрон, паднялі крык Экронцы, кажучы: «Вы прынесьлі да нас Каўчэг Бога Ізраіля, каб выгубіць нас і народ наш!»
11І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Адашліце Каўчэг Бога Ізраіля, няхай вяртаецца ён на месца сваё і няхай не забівае нас і народ наш». Бо апанаваў страх сьмерці ўвесь горад і вельмі цяжкая [стала] рука Божая.
12Людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя болькамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath