1 САМУЭЛЯ 30
1І сталася, калі Давід і людзі ягоныя вярталіся ў Цыкляг, на трэці дзень Амалекцы напалі на Нэгеў і Цыкляг, і здабылі Цыкляг, і спалілі агнём,
2і забралі яны ў палон жанчынаў, якія ў ім былі, ад найменшай да найбольшай, але не забілі нікога, і павялі з сабою, і вярталіся дарогай сваёй.
3І прыйшоў Давід з людзьмі сваімі ў горад, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны, і дочкі забраныя ў няволю.
4І загаласілі Давід і народ, які быў з ім, і плакалі яны, аж пакуль ім хапіла сілаў для плачу.
5І ўзялі ў палон абедзьвух жонак Давіда, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонку Наваля з Кармэлю.
6І Давід быў вельмі стрывожаны, і хацеў народ яго ўкаменаваць, бо горыч была ў душы кожнага дзеля сыноў іхніх і дачок іхніх. Але Давід набраў сілы ў ГОСПАДЗЕ, Богу сваім,
7і сказаў Давід сьвятару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.
8І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці гнацца за гэтай ардою? І ці я даганю іх?» І сказаў яму [Госпад]: «Ганіся! Бо, даганяючы, дагоніш [іх] і адбярэш [здабычу]».
9І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, і дайшлі да ручая Бэсор, і тыя, што змучыліся, затрымаліся.
10І перасьледаваў Давід і чатырыста чалавек, а дзьвесьце спыніліся, бо былі змучаныя і не маглі перайсьці праз ручай Бэсор.
11І знайшлі яны ў полі чалавека Эгіпцяніна, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён зьеў, і далі яму вады напіцца.
12І далі яму таксама кавалак сушаных фігаў і дзьве гронкі разынак. І ён зьеў, і вярнуўся да яго дух ягоны, бо ён ужо тры дні і тры ночы ня еў хлеба і ня піў вады.
13І сказаў яму Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў: «Я — малады Эгіпцянін, слуга Амалекца. Кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.
14Мы напалі на Нэгеў Керэтаў, і на Нэгеў Юды, і на Нэгеў Халева, і Цыкляг спалілі агнём».
15І сказаў яму Давід: «Завядзеш мяне да той арды?» Ён сказаў: «Прысягні мне на Бога, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я завяду цябе да той арды».
16І ён павёў яго. І вось, тая [арда] разыйшлася па абліччы ўсёй зямлі, елі і пілі, і сьвяткавалі дзеля вялікай здабычы, сабранай у зямлі Філістынскай і ў зямлі Юды.
17І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечару наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.
18І зьвярнуў Давід усё, што забралі Амалекцы, і вызваліў абедзьвух жонак сваіх.
19І ніхто ў іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, са здабычы і з усяго, што тыя нарабавалі; усё забраў Давід назад.
20І ўзяў Давід усе авечкі і быдла, і гналі іх перад ім, і казалі: «Вось здабыча Давіда!»
21І прыйшоў Давід да тых двухсот чалавек, што былі змучаныя і не маглі ісьці з Давідам, і засталіся каля ручая Бэсор. І выйшлі яны насустрач Давіду і людзям, якія з ім, і падыйшоў да іх Давід, і прывітаў іх з мірам.
22І адказалі ўсе людзі ліхія, [сыны] Бэліяла спасярод людзей, што хадзілі з Давідам, і сказалі: «Тым, якія не пайшлі разам з намі, не давай здабычу, якую мы забралі. Няхай яны забяруць толькі жонак сваіх і сыноў сваіх, і няхай ідуць».
23І сказаў Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам ГОСПАД. Ён захаваў нас, і аддаў арду гэтую, якая на нас напала, у рукі нашыя.
24Хто паслухае вас у гэтай справе? Будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў табары, роўна будзе падзелена».
25Ад гэтага дня сталася гэта пастановай, і звычаем, і прысудам для Ізраільцянаў аж па сёньняшні дзень.
26І прыйшоў Давід у Цыкляг, і паслаў ён частку здабычы старшыням Юды, сябрам сваім, кажучы: «Гэта для вас дар са здабычы на ворагах ГОСПАДА».
27І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нэгэве, і тым, што ў Яттыры,
28і тым, што ў Араэры, і тым, што ў Сіфмоце, і тым, што ў Эштэмоа,
29і тым, што ў Ракалі, і ў гарадах Ерахмээльцаў, і ў гарадах Кенэяў,
30і тым, што ў Харме, Бор-Ашане і Атаху,
31і тым, што ў Хеўроне, і ў-ва ўсе месцы, дзе праходзіў Давід і людзі ягоныя.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath