Хрысціянства
назад

1 САМУЭЛЯ 18

1І скончыў Давід размову з Саўлам, і душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.

2І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, і ня даў яму вярнуцца ў дом бацькі свайго.

3І заключыў Ёнатан запавет з Давідам, бо палюбіў ён яго як душу сваю.

4І зьняў з сябе Ёнатан шату, якая [была] на ім, і даў яе Давіду, і астатняе адзеньне сваё, і нават меч, лук і пояс свой.

5І хадзіў Давід усюды, куды пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнікам над ваярамі, і ён быў добрым у вачах усяго народу, а таксама ў вачах слугаў Саўла.

6І, калі ішлі [ваяры], калі вяртаўся Давід, перамогшы Філістынцаў, выходзілі жанчыны з песьнямі і танцамі, з бубнамі і гусьлямі насустрач валадару Саўлу.

7І танчылі жанчыны, і сьпя­валі, паўтараючы: «Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў».

8І вельмі ўзлаваўся Саўл, і кепскімі былі ў вачах ягоных словы гэтыя, і ён сказаў: «Давіду даюць дзясяткі тысячаў, а мне даюць толькі тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».

9Ад таго дня глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.

10А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, [спасланы] Богам, і ён шалеў у доме сваім. І Давід як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.

11І кінуў Саўл дзіду рукою сваёй, і сказаў: «Прыб'ю Давіда да сьцяны». Але Давід ухіліўся, і было так два разы.

12І баяўся Саўл Давіда, бо ГОСПАД быў з ім, а ад Саўла адвярнуўся.

13І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён выходзіў [на вайну] і ха­дзіў перад абліччам народу.

14І на ўсіх шляхах сваіх меў Давід посьпех, і ГОСПАД [быў] з ім.

15І ўбачыў Саўл, што [Давіду] ўсё ідзе пасьпяхова, і меў страх перад ім.

16А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам іхнім.

17І сказаў Саўл Давіду: «Вось старэйшая дачка мая Мэраб. Я дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным [чалавекам] і вядзі войны ГОСПАДА». А Саўл казаў [сабе]: «Не мая рука будзе суп­раць яго, але будзе суп­раць яго рука Філістынцаў».

18І сказаў Давід Саўлу: «Хто я і якое жыцьцё маё, або якая сям'я бацькі майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»

19Але калі наблізіўся час аддаць за Давіда Мэраб, дачку Саўла, яна была аддадзена за жонку Адрыэлю з Мэхолы.

20І [другая] дачка Саўла, Міхаль, пакахала Давіда. І паведамілі пра гэта Саўлу, і была гэтая справа слушная ў вачах ягоных.

21І сказаў Саўл: «Аддам яму яе, і будзе яна для яго пасткаю, і будзе супраць яго рука Філістынцаў». І другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёньня будзеш зяцем маім».

22І загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давідам паціху, кажучы: “Вось, ты падабаешся валадару, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».

23І гаварылі гэтыя словы слугі Саўла ў вушы Давіду, і Давід сказаў: «Ці ж не малая гэта рэч у вачах вашых, каб я стаў зяцем валадару? Я ж чалавек бедны і нязначны».

24І паведамілі гэта слугі Саўлу, кажучы, якія словы казаў Давід.

25І сказаў Саўл: «Так скажыце Давіду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто скуравінак Філістынскіх, каб адпомсь­ціць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давіда ў рукі Філістынцаў.

26І паведамілі слугі валадара Давіду словы гэтыя, і была слушная справа гэтая ў вачах Давіда, каб стаць зяцем валадара.

27Яшчэ ня скончыліся прызначаныя дні, а Давід устаў і пайшоў з ваярамі сваімі, і забіў дзьвесьце Філістынцаў, і прынёс Давід скуравінкі іхнія, і адлічыў іх валадару, каб быць зяцем валадара. І аддаў Саўл дачку сваю Міхаль за жонку яму.

28І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што ГОСПАД з Давідам, а Міхаль, дачка Саўла, кахае яго.

29І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда, і стаўся Саўл ворагам Давіду ў-ва ўсе дні.

30А валадары Філістынцаў выходзілі [ваяваць], але колькі разоў нападалі яны, Давід меў посьпех большы, чым слугі Саўла, і вельмі слаўным сталася імя ягонае.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath