1 САМУЭЛЯ 11
1І прыйшоў Нахаш Аманянін, і пачаў аблогу гораду Ябэш у Гілеадзе. І сказалі Нахашу ўсе жыхары Ябэшу: «Заключы з намі запавет, і мы будзем служыць табе».
2Нахаш Аманянін сказаў ім: «Я заключу з вамі запавет [з умовай], што кожнаму з вас я вырву правае вока і выстаўлю вас на пасьмешышча перад усім Ізраілем»
3І сказалі яму старшыні Ябэшу: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля. І калі ніхто не дапаможа нам, мы выйдзем да цябе».
4І прыйшлі пасланцы ў Гіву, горад Саўла, і сказалі слова гэтае ў вушы народу. І ўзьняў увесь народ голас свой, і заплакаў.
5А вось, Саўл гнаў валоў з поля. І сказаў Саўл: «Што [здарылася], што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Ябэшу.
6І зыйшоў на Саўла Дух Божы, калі пачуў ён словы гэтыя, і ахапіў яго гнеў вялікі.
7І ўзяў ён пару валоў, і пасек іх на кавалкі, і паслаў праз рукі пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля, кажучы: «Хто ня выйдзе і ня пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх перад ГОСПАДАМ народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.
8І ён палічыў іх у Бэзэку, і было трыста тысячаў сыноў Ізраіля, а ваяроў Юды было трыццаць тысячаў.
9І сказалі яны пасланцам, якія былі прыйшоўшы: «Так скажыце жыхарам Ябэшу Гілеадзкага: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Ябэшу, і тыя ўзрадаваліся.
10І сказалі жыхары Ябэшу [Нахашу]: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы зробіце з намі, што будзе добра ў вачах вашых».
11Назаўтра Саўл падзяліў народ на тры дружыны, і яны на сьвітаньні ўварваліся ў сярэдзіну табару і забівалі Аманянаў аж да сьпякоты дня, а тыя, што засталіся, расьсеяліся так, што не засталося з іх двух разам.
12І сказаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл валадарыць над намі?”? Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ем іх».
13Але Саўл сказаў: «Ніхто не памрэ ў гэты дзень, бо сёньня ГОСПАД даў выратаваньне Ізраілю».
14А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Гільгал, і там абновім валадарства».
15І пайшоў увесь народ у Гільгал, і паставілі валадаром Саўла перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале, і там склалі ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І там радаваліся вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраіля.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath