Хрысціянства
назад

1 САМУЭЛЯ 10

1І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго, і сказаў: «Вось, памазаў цябе ГОСПАД на правадыра спадчыны Сваёй.

2Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна, у Цэльцаху. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якіх ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцаў, хвалюецца за вас, кажучы: "Што сталася з сынам маім?"”

3Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.

4Яны прывітаюць цябе і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш іх з рук іхніх.

5І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі псалтыры, бубны, жалейкі і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.

6І зыйдзе на цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш праро­чыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.

7Калі зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.

8І пойдзеш ты перад абліччам маім у Гільгал, а я прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».

9І калі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмя­ніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе знакі гэтыя.

10І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між імі.

11І калі ўсе, якія яго ведалі ўчора і пазаўчора, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»

12І адказаў чалавек тамтэйшы, і сказаў: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»

13І скончыў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.

14І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».

15І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»

16І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.

17І склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,

18і сказаў сынам Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекваліся над вамі.

19А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усялякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: "Пастаў над намі валадара!"” Дык цяпер станьце перад абліччам ГОСПАДА паводле каленаў вашых і тысячаў вашых».

20І загадаў Самуэль падыходзіць усім каленам Ізраіля, і выпала жэрабя на калена Бэн’яміна.

21І загадаў Самуэль падыхо­дзіць калену Бэн’яміна паводле сем'яў сваіх, і жэрабя выпала на сям'ю Матры, і быў выбраны Саўл, сын Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.

22І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці чалавек гэты прыйшоў сюды?» І ГОСПАД сказаў: «Ён хаваецца сярод рэчаў [у табары]».

23І пабеглі, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.

24І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце таго, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»

25І абвясьціў Самуэль народу пастанову адносна валадара, і запісаў гэта ў кнігу, і палажыў яе перад абліччам ГОСПАДА. І адпусьціў Самуэль увесь народ, кожнага ў дом свой.

26Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. І пайшлі з ім ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.

27А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath