1 ПЯТРА 3
1Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб і тыя, што не скараюцца слову, ладам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя,
2гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху [Божым].
3Няхай будзе [аздобаю] ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету,
4але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам.
5Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога.
6Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху.
7Таксама і вы, мужы, жывіце з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, пашану, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых.
8Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, [будзьце] браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя,
9не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне.
10Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна,
11няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго.
12Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое.
13І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага?
14Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.
15Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам,
16маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія ганяць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце.
17Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое.
18Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам,
19у Якім Ён, пайшоўшы, абвяшчаў духам, што ў вязьніцы,
20тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне ў дні Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады.
21Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,
22Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath