Хрысціянства
назад

1 ВАЛАДАРОЎ 6

1У чатырыста восемдзясятым годзе пасьля выхаду Ізраілю з зямлі Эгіпецкай, у чацьвёртым годзе валадараньня Салямона над Ізраілем, у месяцы Зіў, значыць другім месяцы, пачаў [Салямон] будаваць Дом ГОСПАДА.

2Дом, які валадар Салямон будаваў для ГОСПАДА, меў шэсьцьдзясят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.

3Прысенак перад Дому Сьвятым меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна да шырыні Дому, і дзесяць локцяў шырыні перад Домам.

4І зрабіў ён у Доме [Божым]наўскосныя вокны з кратамі,

5і зрабіў прыбудову ўздоўж сьценаў Дому, вакол Дому Сьвятога і Сьвятога Сьвятых, і бакавыя пакоі кругом.

6І меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, сярэдні — шэсьць локцяў шырыні, а трэці — сем локцяў шырыні, бо ён зрабіў абмуроўку вакол Дому звонку, каб прыбудова не датыкалася да муроў Дому.

7Пры пабудове Дому [Божага] бралі чэсаныя камяні, робленыя каменярамі, і ў Доме [Божым], калі яго будавалі, не было чутна ані молату, ані сякеры, ані ніякай прылады жалезнай.

8Дзьверы ў сярэднія бакавыя пакоі былі з правага боку Дому, праз якія сходы ўзыхо­дзілі да сярэдняга, а з сярэдняга — да трэцяга [паверху].

9І пабудаваў [Салямон] Дом [Божы], і скончыў яго. І ашаляваў ён Дом дошкамі кедровымі.

10І пабудаваў над усім Домам прыбудову ў пяць локцяў вышыні, і яна была прымацаваная да Дому бярвеньнямі кедровымі.

11І было слова ГОСПАДА да Салямона, кажучы:

12«Адносна Дому гэтага, які ты будуеш, дык калі ты будзеш хадзіць паводле пастановаў Мае, будзеш выконваць прысуды Мае і будзеш захоўваць прыказаньні Мае, каб хадзіць паводле іх, Я споўню слова Маё адносна цябе, якое прамовіў Давіду, бацьку твайму.

13І Я буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і не пакіну народу Майго, Ізраіля».

14І пабудаваў Салямон Дом [Божы], і закончыў яго.

15І знутры ашаляваў сьцены Дому дошкамі кедровымі, ад падлогі Дому аж да бэлькаў столі ўнутры ашаляваў дрэвам, а падлогу Дому пакрыў дошкамі кіпарысавымі.

16А з задняга боку Дому паставіў сьцену з дошак кедровых у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі, каб аддзяліць Давір, Сьвятое Сьвятых.

17Сорак локцяў даўжыні меў Дом [Божы] ад пярэдняй часткі сьвятыні.

18І былі [сьцены] кедровыя ўнутры ўпрыгожаныя рэзьбленымі пладамі і кветкамі. Усё было з кедру, і камяня не было відаць [на сьценах].

19І Давір быў зроблены ў сярэдзіне Дому, каб там паставіць Каўчэг Запавету ГОСПАДА.

20Давір меў дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні. І [Салямон] ашаляваў яго чыстым золатам, і [пабудаваў] ахвярнік кедровы.

21І ашаляваў Салямон Дом унутры шчырым золатам, і нацягнуў залатыя ланцугі перад Давірам, і ашаляваў яго золатам.

22І ўвесь Дом ашаляваў золатам цалкам, і ахвярнік, які ў Давіры, ашаляваў золатам.

23І зрабіў у Давіры двух херувімаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.

24Адно крыло херувімаў мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў. І ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.

25Другі херувім таксама меў дзесяць локцяў. Абодва херувімы мелі такія самыя памеры і выгляд.

26Вышыня аднаго херувіма — дзесяць локцяў, і таксама другога херувіма.

27І паставіў ён гэтых херувімаў у сярэдзіне ўнутранай часткі Дому. І крылы херувімаў былі раскінуты, і крыло аднаго херувіма дакраналася адной сьцяны, а крыло другога дакраналася другой сьцяны. А іхнія другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне Дому крыло з крылом.

28І пакрыў ён херувімаў золатам.

29А на ўсіх сьценах Дому кругом, унутры і звонку, выразаў выявы херувімаў, пальмаў і кветак, што красуюць.

30І падлогу Дому пакрыў золатам унутры і звонку.

31А на ўваходзе ў Давір зрабіў дзьверы з дрэва аліўкавага з пяцівугольнымі вушакамі.

32І на дзьвюх паловах дзьвярэй з дрэва аліўкавага ён выразаў херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў іх золатам. І пакрыў золатам херувімаў і пальмы.

33І гэтаксама зрабіў на ўваходзе ў сьвятыню чатырохвугольныя вушакі з дрэва аліўкавага,

34і дзьве форткі дзьвярэй з дрэва кіпарысавага. Абедзьве форткі адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве форткі другіх дзьвярэй былі рухомыя.

35І выразьбіў на іх херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў выявы золатам.

36І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма шэрагамі чэсаных камянёў і шэрагам бярвеньняў кедровых.

37У чацьвёртым годзе ў месяцы Зіў быў закладзены падмурак Дому ГОСПАДА,

38а ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, значыцца, у восьмым месяцы, быў скончаны Дом [Божы] з усімі прыналежнасьцямі ягонымі і з усім упарадкаваньнем яго. Будаваў яго [Салямон] сем гадоў.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath