1 ВАЛАДАРОЎ 4
1І быў валадар Салямон валадаром над усім Ізраілем.
2І меў ён начальнікаў: Азарыю, сына Цадока, сьвятара,
3Аліхарэфа і Ахію, сыноў Шышы, пісараў, і Язафата, сына Ахілюда, канцлера.
4А Бэная, сын Егаяды, [быў] над войскам, а Цадок і Абіятар — сьвятарамі.
5Азарыя, сын Натана, [быў] над намесьнікамі, Завуд, сын Натана, сьвятар, — сябрам валадара.
6Ахішар — начальнікам над домам [валадара], а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.
7І меў Салямон дванаццаць намесьнікаў над усім Ізраілем, і яны рупіліся пра харчы для валадара і дому ягонага. Кожны з іх меў забясьпечваць харчы на адзін месяц у год.
8Вось імёны іхнія: Бэн-Хур — на гары Эфраіма;
9Бэн-Дэкэр — у Макацы і ў Шаальбіме, у Бэт-Шэмэшы, Элёне і Бэт-Ханане;
10Бэн-Хэсэд — у Арубоце, да яго [належалі] Сахо і ўся зямля Хэфэр.
11Бэн-Абінадаў, якому [належала] ўся ваколіца Дору, і Тафат, дачка Салямона, была жонкай ягонай;
12Баана, сын Ахілюда, — над Таанахам, Мэгіддо і над усім Бэт-Шэанам, які каля Цартаны, ніжэй Езрээля, ад Бэт-Шэану аж да Абэль-Мэхо і аж да ваколіц Ёкмэаму.
13Бэн-Гэбэр — у Рамоце Гілеадзкім, ён меў Хавот-Яір сыноў Манасы ў Гілеадзе, і ваколіцы Аргобу ў Башане — шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і мядзянымі засаўкамі;
14Ахінадаў, сын Іддо, — у Маханаіме;
15Ахімаац — у Нэфталі, ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Салямона;
16Баана, сын Хушая, — у Асэра і ў Бэалоце,
17Язафат, сын Паруаха — у Ісахара,
18Шымэй, сын Элы — у Бэн’яміна.
19Гэбэр, сын Урыя — у зямлі Гілеад, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, і Ога, валадара Башану. І [быў] адзін намесьнік у [кожнай] зямлі.
20Юда і Ізраіль былі шматлікія, як пясок марскі. Яны ўдосталь елі і пілі, і цешыліся.
21І валодаў Салямон усімі валадарствамі ад ракі [Эўфрат] аж да зямлі Філістынцаў і аж да межаў Эгіпту. Яны прыносілі яму дары і служылі Салямону ўсе дні жыцьця ягонага.
22Харчаваньнем Салямона на кожны дзень [было]: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсьцьдзясят кораў звычайнай мукі,
23дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, апрача аленяў, сарнаў, антылёпаў і кормных птушак.
24Ён панаваў над усім абшарам на гэты бок ракі [Эўфрат], ад Тыфсаху да Газы, і над усімі валадарамі абшараў на гэты бок ракі. І меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
25І Юда і Ізраіль жылі ў бясьпецы, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дану да Бээр-Шэвы ў-ва ўсе дні Салямона.
26І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней для калясьніцаў сваіх і дванаццаць тысячаў вершнікаў.
27І намесьнікі дастаўлялі валадару Салямону і ўсім, хто набліжаўся да стала валадара Салямона, усё неабходнае, кожны ў свой месяц, і не бракавала нічога.
28А ячмень і салому для коней і дрыгантаў дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначанае.
29І даў Бог Салямону вельмі вялікую мудрасьць і разважлівасьць, і шырокае сэрца, як пясок, які на беразе мора.
30І перавышала мудрасьць Салямона мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Эгіпту.
31І быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, Гэмана, Калькола і Дарду, сыноў Махола, і было [слаўнае] імя ягонае ў-ва ўсіх навакольных народаў.
32І расказаў ён тры тысячы прыказак, а сьпеваў ягоных было тысяча пяць.
33І гаварыў ён пра дрэвы, [пачынаючы] ад кедраў, што на Лібане, аж да гізопу, што расьце на муры. Гаварыў ён пра зьвяроў, пра птушак, пра паўзуноў і рыбаў.
34І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасьці Салямона, і ад усіх валадароў зямлі, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath