Хрысціянства
назад

1 ВАЛАДАРОЎ 2

1І наблізіліся дні паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Салямону, кажучы:

2«Я ўзыходжу на шлях [жыхароў] усёй зямлі. Ты ж будзь цьвёрды і будзь мужны.

3І захоўвай загады ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзі шляхамі Ягонымі, і захоўвай пастановы Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, як напісана ў Законе Майсеевым, каб меў ты посьпех у-ва ўсім, што ты будзеш рабіць, і паўсюль, куды ты пойдзеш,

4каб зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае і калі будуць хадзіць перад абліччам Маім у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, ня будзе адкінуты нашчадак твой ад пасаду Ізраіля”.

5І ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Цэруі, што ён зрабіў з двума начальнікамі войска Ізраіля, з Абнэрам, сынам Нэра, і з Амасам, сынам Етэра, якіх ён забіў. Ён праліў кроў вайны ў [час] міру, і апаганіў крывёй вайны пояс на сьцёг­нах сваіх і сандалы на нагах сваіх.

6Учыні з ім паводле мудрасьці тваёй, і не дазволь зыйсьці сівізне ягонай у адхлань у супакоі.

7А сынам Барзілая з Гілеаду зьявіш міласэрнасьць, і няхай яны ядуць за сталом тваім, бо яны прыйшлі з дапамогаю, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім.

8І вось, пры табе Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, які праклінаў мяне ліхім праклёнам у дзень, калі я ішоў у Маханаім, але ён сустрэў мяне каля Ярдану, і я прысягнуў яму на ГОСПАДА, кажучы: “Не заб’ю цябе мячом”.

9Але ты не даруеш яму, бо ты чалавек мудры, і ведаеш, што яму зрабіць, і зьвядзеш сівізну ягоную ў крыві ў адхлань».

10І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў гора­дзе Давіда.

11Сорак гадоў валадарыў Давід над Ізраілем: у Хеўроне валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.

12І сеў Салямон на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае вельмі ўмацавалася.

13І прыйшоў Адонія, сын Хагіты, да Батшэвы, маці Салямона, і яна сказала: «Ці з мірам прыходзіш?» Ён адказаў: «З мірам».

14І сказаў: «[Маю] слова маё да цябе». Яна сказала: «Гавары».

15І ён сказаў: «Ты ведаеш, што валадараньне было [прызначана] мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў аблічча сваё на мяне, каб я валадарыў, але валадарства адыйшло ад мяне, і яно ў брата майго, бо ГОСПАДАМ яно [дадзена] яму.

16А цяпер адну просьбу прашу ў цябе; не адварочвайся ад аблічча майго». Яна сказала яму: «Гавары».

17І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала валадару Салямону, бо ён не адвернецца ад аблічча твайго, каб за жонку даў мне ён Абішаг Шунамянку».

18І Батшэва сказала: «Добра, я пагавару адносна цябе з валадаром».

19І прыйшла Батшэва да валадара Салямона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І валадар устаў на спатканьне з ёй, і пакланіўся ёй, і сеў зноў на пасад свой. І паставіў ён пасад для маці валадара, і яна села праваруч яго.

20І яна сказала: «Маю да цябе адну малую просьбу, не адвярніся ад аблічча майго». І сказаў ёй валадар: «Прасі, маці мая, бо я не адвярнуся ад аблічча твайго».

21І яна сказала: «Дай Абішаг Шунамянку за жонку Адоніі, брату твайму».

22І адказаў валадар Салямон, і сказаў маці сваёй: «Чаму ты просіш Абішаг Шунамянку для Адоніі? Прасі таксама валадарства яму! Бо ён — старэйшы брат мой, мае пры сабе Абіятара сьвятара і Ёава, сына Цэруі».

23І прысягнуў валадар Салямон на ГОСПАДА, кажучы: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ня супраць душы сваёй сказаў Адонія слова гэтае.

24І цяпер, як жывы ГОСПАД, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёньня Адонія будзе забіты!»

25І паслаў валадар Салямон Бэнаю, сына Егаяды, і ён забіў [Адонію], і той памёр.

26А Абіятару сьвятару сказаў валадар: «Ідзі ў Анатот на поле тваё, бо ты — чалавек, [варты] сьмерці; але сёньня я не заб’ю цябе, бо ты насіў Каўчэг Госпада ГОСПАДА перад абліччам Давіда, бацькі майго, і ты перанёс усе цяжкасьці, якія пераносіў бацька мой».

27І выгнаў Салямон Абіятара, каб ня быў ён сьвятаром ГОСПАДА, і споўнілася слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра дом Гэлія ў Шыло.

28І дайшла вестка [пра гэта] да Ёава, бо Ёаў прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся. І ўцёк Ёаў у Намёт ГОСПАДА, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.

29І паведамілі валадару Салямону, што Ёаў уцёк у Намёт ГОСПАДА і вось, ён пры ахвярніку. І паслаў Салямон Бэнаю, сына Егаяды, кажучы: «Ідзі і забі яго!»

30І ўвайшоў Бэная ў Намёт ГОСПАДА, і сказаў [Ёаву]: «Гэта кажа валадар: "Вы­ходзь!"» А той сказаў: «Ня выйду, але тут памру». І Бэная пераказаў слова гэтае валадару, кажучы: «Гэтак прамовіў Ёаў і гэтак адказаў».

31І сказаў яму валадар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай яго, і ачысьці мяне і дом бацькі майго ад нявіннай крыві, якую выліў Ёаў.

32І зьверне ГОСПАД кроў ягоную на галаву ягоную, бо ён забіў двух мужоў праведных і лепшых за яго, і забіў іх мячом, і ня ведаў [пра гэта] бацька мой Давід; [ён забіў] Абнэра, сына Нэра, начальніка войска Ізраіля, і Амасу, сына Етэра, начальніка войска Юды.

33І зьвернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву насеньня ягонага вечна. А для Давіда і насеньня ягонага, і для дому ягонага, і для пасаду ягонага няхай будзе супакой ад ГОС­ПАДА вечна».

34І пайшоў Бэная, сын Егаяды, і ўдарыў [Ёава], і забіў яго. І быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні.

35І паставіў валадар Бэнаю, сына Егаяды, начальнікам над войскам замест яго, а Цадока сьвятара паставіў валадар на месца Абіятара.

36І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерусаліме, і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды.

37У дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш ручай Кедрон, ведай, што сьмерцю памрэш. Кроў твая будзе на галаве тваёй».

38І сказаў Шымэй валадару: «Добрае слова, якое прамовіў гаспадар мой, валадар. Так і зробіць слуга твой». І жыў Шымэй у Ерусаліме шмат дзён.

39І сталася, што праз тры гады двое слугаў Шымэя ўцяклі да Ахіша, сына Маахі, валадара Гату. І паведамілі Шымэю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Гаце».

40І ўстаў Шымэй, і сеў на асла свайго, і пайшоў у Гат да Ахіша шукаць слугаў сваіх, і пайшоў Шымэй, і прывёў слугаў сваіх з Гату.

41І паведамілі Салямону, што Шымэй хадзіў у Гат з Ерусаліму і вярнуўся.

42І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Ці не запрысяг я табе на ГОСПАДА і ці не засьведчыў табе, кажучы: “У дзень, калі ты зыйдзеш адсюль і пойдзеш туды ці сюды, ведай, што сьмерцю памрэш”? І ты казаў мне: “Добрае слова, якое я пачуў”.

43Дык чаму не захаваў ты прысягі перад ГОСПАДАМ і загаду, які я табе даў?»

44І сказаў валадар Шымэю: «Ты ведаеш усё гэтае зло, і ведае сэрца тваё, якое зло ты зрабіў бацьку майму Давіду. І зьверне ГОСПАД ліхоту тваю на галаву тваю.

45А валадар Салямон будзе дабраслаўлёны, і пасад Давіда будзе трываць перад абліччам ГОСПАДА вечна».

46І валадар загадаў Бэнаі, сыну Егаяды, і ён выйшаў, і ўдарыў яго, і ён памёр. І ўмацавалася валадарства ў руцэ Салямона.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath