Хрысціянства
назад

1 ВАЛАДАРОЎ 22

1І жылі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.

2І сталася ў трэці год, прыйшоў Язафат, валадар Юды, да валадара Ізраіля.

3І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот Гілеадзкі наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?»

4І сказаў ён Язафату: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць на Рамот Гілеадзкі?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і як народ твой, так і народ мой, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае».

5І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся, калі ласка, сёньня, пра слова ГОСПАДА».

6І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і сказаў ім: «Ці маю я ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» І яны сказалі: «Ідзі, і Госпад аддасьць яго ў рукі валадара».

7І сказаў Язафат: «Ці няма яшчэ прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?»

8І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не праро­чыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое. [Гэта] Міхей, сын Імлі». І Язафат сказаў: «Не гавары так, валадар».

9І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Пасьпяшайся і [прывядзі] Міхея, сына Імлі».

10А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, апранутыя ў шаты ўрачыстыя, сядзелі кожны на пасадзе сваім каля ўваходу ў браму Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іхнім.

11І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”».

12І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі і перамагай. ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».

13А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў у адзін голас [прадказ­ваюць] валадару добрае. Дык няхай слова тваё будзе як кожнага з іх, і прамоў добрае».

14Але Міхей сказаў: «Як жывы ГОСПАД, што скажа мне ГОСПАД, тое я прамоўлю!»

15І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» Ён сказаў: «Ідзі і перамагай, і ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».

16І сказаў яму валадар: «Яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты прамовіў мне праўду ў імя ГОСПАДА».

17І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, расьцярушаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны гаспадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».

18І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое?»

19А той сказаў: «Дзеля гэтага слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго праваруч і леваруч.

20І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай.

21І выйшаў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”

22А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І [Госпад] сказаў: “Ты намовіш яго, гэта атрымаецца ў цябе. Ідзі і зрабі так!”

23І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў супраць цябе ліхое».

24І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенааны, і ўдарыў Міхея па абліччы, і сказаў: «Якім чынам адыйшоў Дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»

25А Міхей сказаў: «Вось, ты ўбачыш той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца”.

26І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадара,

27і скажы: “Гэта кажа валадар: "Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі"”».

28І сказаў Міхей: «Калі ты вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце [гэта], усе людзі!»

29І пайшлі валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.

30І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне, і пайшоў у бой.

31А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум возьнікам калясьніцаў, кажучы: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля».

32І сталася, калі возьнікі калясьніцаў убачылі Язафата, яны сказалі, што ён — валадар Ізраіля, і зьвярнуліся супраць яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў.

33І ўбачылі возьнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і адступіліся ад яго.

34І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова параніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў [валадар] возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне з бою, бо я паранены».

35І ў той дзень разгарэўся бой, і валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр увечары, і кроў з раны сьцякала ў калясьніцу.

36І на заходзе сонца ў войску закрычалі, кажучы: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»

37І памёр валадар, і быў прывезены ў Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі.

38І вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў.

39А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

40І супачыў Ахаў з бацькам сваім, і заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.

41А Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля.

42Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азуба, дачка Шылхі.

43І хадзіў ён усім шляхамі Асы, бацькі свайго, і не зыхо­дзіў з яго, і рабіў тое, што было слушным у вачах ГОСПАДА.

44Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.

45І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля.

46Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць ягоная, і што ён рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

47А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні Асы, баць­кі ягонага, ён вынішчыў з зямлі.

48І не было [тады] ў Эдоме валадара, але намесьнік валадарскі.

49І Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры.

50Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблях са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў.

51І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў гора­дзе Давіда, баць­кі свайго, і заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго.

52Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады.

53І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.

54І служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усё так, як рабіў бацька ягоны.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath