Хрысціянства
назад

1 ВАЛАДАРОЎ 15

1У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама, сына Навата, у Юдзе стаў валадаром Абіям.

2Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.

3І хадзіў ён у-ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія ён рабіў перад ім, і не было сэрца ягонае шчырым перад ГОСПАДАМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.

4Аднак дзеля Давіда даў яму ГОСПАД, Бог ягоны, сьветач у Ерусаліме, каб паставіць сына ягонага пасьля яго і ўмацаваць Ерусалім,

5бо Давід рабіў тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў праз усе дні жыцьця свайго, акрамя справы Урыі Хета.

6І вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні жыцьця ягонага.

7Іншыя дзеяньні Абіяма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. І была вайна паміж Абіямам і Ерабаамам.

8І супачыў Абіям з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго.

9У дваццатым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, заваладарыў Аса, валадар Юды.

10Сорак адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.

11І рабіў Аса слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.

12І ён выгнаў распусьнікаў з зямлі, і павынішчаў усіх ідалаў, якіх нарабілі бацькі ягоныя.

13І нават маці сваю Мааху ён пазбавіў годнасьці валадаркі за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І Аса пасек ідала ейнага, і спаліў каля ручая Кедрон.

14Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя. Аднак сэрца Асы было шчырым перад ГОСПАДАМ у-ва ўсе дні [ягоныя].

15І прынёс ён у Дом ГОСПАДА рэчы, пасьвячоныя бацькам ягоным і ім самім: срэбра, золата і посуд.

16І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, праз усе дні іхнія.

17І пайшоў валадар Ізраіля Бааша на Юду, і пабудаваў Раму, каб [ніхто] ня мог увайсьці і выйсьці да Асы, валадара Юды.

18І ўзяў Аса ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў скарбніцы дому валадара, і даў яго слугам сваім, і паслаў іх да Бэн-Гадада, сына Табрымона, сына Хэзіёна, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:

19«Запавет [ёсьць] паміж мною і табой, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе дары: срэбра і золата. Іідзі, парві запавет твой з Баашам, валадаром Ізраіля, і ён адыйдзе ад мяне».

20І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска свайго ў гарады Ізраіля. І захапілі яны Іён, Дан і Абэль-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт, і ўсю зямлю Нэфталі.

21І пачуў [пра гэта] Бааша, і кінуў будаваць Раму, і вярнуўся ў Тырцу.

22І валадар Аса паклікаў усяго Юду без выключэньня, і забралі яны з Рамы камяні і дрэва, якімі [карыстаўся] Бааша для будаўніцтва, і разбудаваў імі валадар Аса Гіву Бэн’ямінаву і Міцпу.

23А іншыя дзеяньні Асы, мужнасьць ягоная і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі.

24І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго.

25У другім годзе Асы, валадара Юды, пачаў валадарыць над Ізраілем Надаў, сын Ерабаама, і валадарыў ён над Ізраілем два [гады].

26І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў грэху ягоным, якім той увёў у грэх Ізраіля.

27І зрабіў супраць яго змову Бааша, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Гіббэтоне, які быў [горадам] Філістынцаў, калі Надаў і ўвесь Ізраіль аблягалі Гіббэтон.

28І Бааша забіў яго ў трэцім годзе Асы, валадара Юды, і сам стаў валадаром замест яго.

29І калі ён пачаў валадарыць, выбіў ён увесь дом Ерабаама, і не пакінуў ніводнай душы з [роду] Ерабаама, пакуль ня вынішчыў яго паводле слова ГОСПАДА, як прамовіў Ён праз слугу свайго Ахію з Шыло,

30дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў Ізраіля ў грэх, чым гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

31А іншыя дзеяньні Надава і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

32І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, усе дні іхнія.

33У трэцім годзе Асы, валадара Юды, Бааша, сын Ахіі, стаў валадаром над усім Ізраілем у Тырцы на дваццаць чатыры гады.

34І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath