1 ЛЕТАПІСАЎ 29
1І сказаў валадар Давід усёй царкве: «Салямон, сын мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і кволы, а праца гэта вялікая, бо не для чалавека будыніна гэтая, але для ГОСПАДА Бога.
2З усёй сілай маёй я падрыхтаваў для Дому Бога майго золата на [рэчы] залатыя, і срэбра — на срэбныя, і медзь — на мядзяныя, жалеза — на жалезныя, і дрэва — на драўляныя, камяні оніксу і для аправаў камяні аздобныя і каляровыя, і ўсялякія камяні каштоўныя, і мноства мармуровых камянёў.
3І яшчэ, з зычлівасьці маёй для Дому Бога майго, я маю ўласнае золата і срэбра; і я аддаў на Дом Бога майго, звыш усяго, што я падрыхтаваў на Дом Сьвяты:
4тры тысячы талентаў золата, золата Афірскага, і сем тысячаў талентаў срэбра чыстага на ашаляваньне сьценаў пабудоваў.
5Золата — на [рэчы залатыя], срэбра — на срэбныя і на ўсю працу рук разьбяроў. І хто [яшчэ] ахвяруецца, каб сёньня напоўніць руку сваю для ГОСПАДА?»
6І склалі дары князі [дамоў] бацькоў, князі каленаў Ізраіля, і начальнікі тысячаў і сотняў, і начальнікі працаў валадара.
7І далі на служэньне Дому Божага золата пяць тысячаў талентаў і дзесяць тысячаў дукатаў, і срэбра дзесяць тысячаў талентаў, і медзі васямнаццаць тысячаў талентаў, і жалеза сто тысячаў талентаў.
8Тыя, у каго знайшліся камяні [каштоўныя], давалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА на рукі Ехіэля, сына Гершона.
9І радаваўся народ з дабраахвотных дароў, бо са шчырым сэрцам яны давалі дары ГОСПАДУ; і таксама валадар радаваўся радасьцю вялікай.
10І дабраславіў Давід ГОСПАДА перад вачыма ўсёй царквы, і сказаў Давід: «Дабраслаўлёны Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і на вякі!
11Твае, ГОСПАДЗЕ, веліч і магутнасьць, і праслаўленьне, хвала і годнасьць, бо ўсё ў небе і на зямлі Тваё; Тваё, ГОСПАДЗЕ, валадарства, і Ты ўзьнесены па-над усім як галава.
12І багацьце, і слава — ад Цябе, і Ты пануеш над усім; і ў руцэ Тваёй сіла і моц; і ў руцэ Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.
13І цяпер, Божа наш, мы выслаўляем Цябе і хвалім імя велічнасьці Тваёй.
14Бо хто я і хто народ мой, што мы маем сілу так ахвотна прыносіць дары? Бо ўсё гэта — ад Цябе, і з рукі Тваёй мы [атрымалі і] аддалі Табе.
15Бо мы — прыхадні перад абліччам Тваім, як усе бацькі нашыя. Дні нашыя на зямлі, як цень, і няма трываласьці.
16ГОСПАДЗЕ, Божа наш! Усё гэтае мноства, якое мы падрыхтавалі, каб пабудаваць Табе Дом для імя сьвятога Твайго — з рукі Тваёй, і ўсё гэта — Тваё.
17І я ведаю, Божа мой, што Ты выспрабоўваеш сэрца, і шчырасьць даспадобы Табе. І я ў шчырасьці сэрца майго ахвотна прынёс у дар усё гэта. І цяпер я бачу з радасьцю народ Твой, які знаходзіцца тут і дабраахвотна прыносіць дары Табе.
18ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля, бацькоў нашых, захавай на вякі намер думак сэрца народу Твайго і ўмацуй сэрца іхняе пры Сабе!
19І дай Салямону, сыну майму, сэрца шчырае, каб захоўваў прыказаньні Твае, сьведчаньні Твае і пастановы Твае, і выканаў усё, і пабудаваў будыніну, якую я падрыхтаваў».
20І сказаў Давід усёй царкве: «Дабраславіце ГОСПАДА, Бога вашага!» І дабраславіла ўся царква ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і схіліліся, і пакланіліся ГОСПАДУ і валадару.
21І яны ахвяравалі ахвяры для ГОСПАДА, і ўзносілі цэласпаленьні ГОСПАДУ назаўтра пасьля гэтага дня: тысячу бычкоў, тысячу бараноў, тысячу ягнят і ахвяры вадкія, і мноства ахвяраў за ўвесь Ізраіль.
22І елі, і пілі перад абліччам ГОСПАДА ў гэты дзень з вялікай радасьцю, і другім разам паставілі як валадара Салямона, сына Давіда, і памазалі яго перад ГОСПАДАМ як начальніка, а Цадока — як сьвятара.
23І сеў Салямон на пасад ГОСПАДА як валадар замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і слухаў яго ўвесь Ізраіль.
24І ўсе князі і волаты, а таксама ўсе сыны валадара Давіда далі руку Салямону валадару.
25І надзвычай узьвялічыў ГОСПАД Салямона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і даў яму велічнасьць валадарскую, якой ня было ў аніводнага валадара перад абліччам Ягоным у Ізраілі.
26І Давід, сын Есэя, валадарыў над усім Ізраілем.
27І дзён, у якія ён валадарыў над Ізраілем, было сорак гадоў: у Хеўроне ён валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.
28І ён памёр у добрай старасьці, насычаны днямі, багацьцем і славаю; і Салямон, сын ягоны, заваладарыў замест яго.
29І справы Давіда валадара, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў летапісах Самуэля, відушчага, і ў летапісах Натана, прарока, і ў летапісах Гада, відушчага,
30разам з усім валадараньнем ягоным, і з магутнасьцю ягонаю, і з часамі, што мінулі над ім, і над Ізраілем, і над усімі валадарствамі зямлі гэтай.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath