Хрысціянства
назад

1 ЛЕТАПІСАЎ 17

1І сталася, калі Давід жыў у доме сваім, сказаў Давід Натану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пад заслонамі [намёту]».

2І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо Бог з табою».

3І сталася ў тую ноч, і было слова Божае да Натана, кажучы:

4«Ідзі і скажы Давіду, слузе Майму: “Гэтак кажа ГОСПАД. Ня ты збудуеш Мне дом, каб Я жыў [у ім].

5Бо Я ня жыў у доме ад дня, калі вывеў сыноў Ізраіля, і да дня гэтага, і Я перахо­дзіў з намёту ў намёт, і з сялібы [ў сялібу].

6І ўсюды, дзе Я хадзіў па ўсім Ізраілі, ці сказаў Я слова аднаму з судзьдзяў Ізраіля, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой, кажучы: “Дзеля чаго вы не пабудавалі Мне дом кедровы?”

7І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: “Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе ад абораў, калі ты хадзіў за авечкамі, каб ты стаў правадыром над народам Маім, Ізраілем.

8І Я быў з табою ўсюды, куды ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў табе імя, як імя вялікіх на зямлі.

9І Я прыгатаваў месца для народу Майго, Ізраіля, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на месцы сваім, і ня будуць палохаць іх болей, і ня будуць перасьледаваць іх сыны нягоднасьці, каб вынішчаць іх, як [было] ўперад,

10у той час, калі Я прызначаў судзьдзяў над народам Маім, Ізраілем. І Я скарыў усіх ворагаў тваіх, і абвяшчаю табе, што ГОСПАД збудуе табе дом.

11І станецца, калі напоўняцца дні твае, каб ты пайшоў да бацькоў тваіх, Я падыму насеньне тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую валадарства ягонае.

12Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на вякі.

13І Я буду яму Бацькам, а ён будзе Мне сынам, і міласэрнасьці Маёй не забяру ад яго, як Я забраў ад таго, які быў перад табою.

14І Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў валадарстве Маім на вякі, і пасад ягоны будзе трываць на вякі”».

15Паводле ўсіх гэтых словаў і паводле ўсяго гэтага відзежу прамаўляў Натан да Давіда.

16І прыйшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, ГОСПАДЗЕ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?

17Але і гэтага мала было ў вачах Тваіх, Божа; і Ты прамовіў пра дом слугі Твайго на доўгія часы, і глянуў на мяне, як на чалавека ўзьвялічанага, ГОСПАДЗЕ!

18Што яшчэ можа дадаць Табе Давід за ўслаўленьне слугі Твайго? Ты ведаеш слугу Твайго.

19ГОСПАДЗЕ! Дзеля слугі Твайго і паводле сэрца Твайго Ты ўчыніў усе гэтыя [справы] вялікія, каб выявілася ўся вялікасьць [Твая].

20ГОСПАДЗЕ! Няма нікога, як Ты, і няма Бога, апрача Цябе, [Які зрабіў] усё, што мы чулі вушамі сваімі.

21І хто як народ Твой, Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да якога прыйшоў Бог, каб выкупіць Сабе народ і зрабіць Сабе імя вялікімі і страшнымі справамі, выгнаўшы паганаў перад абліччам народу Свайго, які Ты выкупіў з Эгіпту?

22І Ты зрабіў народ Твой, Ізраіля, народам Сваім на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаў для іх Богам.

23І цяпер, ГОСПАДЗЕ, слова, якое Ты прамовіў пра слугу Твайго і пра дом ягоны, няхай будзе верным на вякі, і зрабі так, як Ты прамовіў.

24Няхай станецца верным і вялікім імя Тваё на вякі, каб казалі: “ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля — гэта Бог над Ізраілем”. І дом Давіда, слугі Твайго, няхай будзе ўмацаваны перад абліччам Тваім.

25Бо Ты, Божа мой, адкрыў у вуха слузе Твайму, што Ты пабудуеш яму дом. Дзеля гэтага адважыўся слуга Твой маліцца перад абліччам Тваім.

26І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і Ты сказаў пра слугу Твайго столькі добрага.

27І цяпер пачні дабраслаўляць дом слугі Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, дабраславіў [яго], і ён будзе дабраслаўлёны на вякі».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath