Хрысціянства
назад

1 ЛЕТАПІСАЎ 16

1І прынесьлі Каўчэг Божы, і паставілі яго ў сярэдзіне Намёту, які Давід падрыхтаваў для яго, і склалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам Божым.

2І скончыў Давід паліць цэласпаленьні і ахвяры мірныя, і дабраславіў народ у імя ГОСПАДА.

3І раздаў усім Ізраільцянам, як мужчынам, так і жанчынам, кожнаму па бохану хлеба, і па кавалку мяса, і па кілішку віна.

4І паставіў на службу перад Каўчэгам ГОСПАДА на служэньне лявітаў, каб нагадвалі [пра Яго], славілі і хвалілі ГОСПАДА, Бога Ізраіля:

5Асаф — галоўны, і намесьнік ягоны Захарыя, Еіэль, Шэмірамот, Ехіэль, Матытыя, Эліяў, Баная, Абэд-Эдом і Еіэль з псалтырам і гусьлямі, Асаф — на цымбалах гучных,

6Бэная і Яхазіэль, сьвятары — заўсёды [трубіць] у трубы перад Каўчэгам Запавету Божага.

7У той дзень Давід упершыню загадаў славіць ГОСПАДА Асафу і братам ягоным:

8«Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае, паведамляйце між народамі дзеі Ягоныя!

9Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго, размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя.

10Хваліцеся імем Ягоным сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.

11Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды.

12Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных.

13Насеньне Ізраіля, слугі Ягоныя, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!

14Ён — ГОСПАД, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

15Ён памятае на вякі Запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,

16якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.

17Ён паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — запавет вечны,

18кажучы: “Табе Я дам зямлю Ханаан, [пракладу] шнур спадчыны вашай”.

19Калі было ў вас людзей мала на лік, вельмі мала і [вы былі] чужынцы ў ёй,

20і пераходзілі ад народу да народу, і ад [аднаго] валадарства да іншага народу,

21Ён не дазволіў нікому прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў:

22[кажучы]: “Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!”

23Сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля, дабравесьціце з дня на дзень збаўленьне Ягонае.

24Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.

25Бо вялікі ГОСПАД і годны хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў.

26Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы ўчыніў.

27Слава і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — на месцы Ягоным.

28Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц.

29Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага. Прынясіце дары і ідзіце перад аблічча Ягонае. Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні.

30Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля. Ён сусьвет умацаваў, не пахісьнецца.

31Няхай узрадуюцца нябёсы, няхай узьвесяліцца зямля, і няхай скажуць між народамі: “ГОСПАД валадарыць!”

32Няхай мора гудзе і тое, што ў ім, няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім.

33Тады будуць усклікаць дрэвы лясныя перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.

34Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.

35І кажыце: “Збаў нас, Божа збаўленьня нашага! І зьбяры нас, і выбаў нас ад паганаў, каб мы маглі славіць імя Тваё сьвятое і хваліліся славай Тваёй!”

36Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і аж на вякі!» І сказаў увесь народ: «Амэн!», і славіў ГОСПАДА.

37І [Давід] пакінуў там, перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад Каўчэгам заўсёды, паводле патрэбы кожнага дня,

38і Абэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем; а Абэд-Эдома, сына Едутуна, і Хосу прыдзьвернікамі,

39а Цадока, сьвятара, і братоў ягоных, сьвятароў — перад Сялібай ГОСПАДА, на ўзгорку, які ў Гібэоне,

40каб складалі цэласпаленьні ГОСПАДУ на ахвярніку цэласпаленьня заўсёды, раніцаю і ўвечары, паводле ўсіх пастановаў Закону ГОСПАДА, які Ён загадаў Ізраілю.

41І з імі Гэмана і Едутуна і іншых выбраных, якія прызначаныя па імёнах, каб славіць ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.

42Пры іх Гэман і Едутун з трубамі і цымбаламі, каб граць, і з інструмэнтамі для сьпеваў Божых; а сыны Едутуна — пры браме.

43І адыйшоў увесь народ, кожны ў дом свой, і вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath